Віджай Празак. Кансерватыўная настава.

 «Першая настава» ― тэкст для моладзі, па сутнасьці ўводзіны ў кансерватыўны сьветагляд. У ім аўтар спрабуе даступна патлумачыць некаторыя заканамернасьці жыцьця, разабраць галоўныя рысы сучаснага бязладнага грамадзтва і засьцерагчы чытача ад магчымых жыцьцёвых памылак. Нягледзячы на мясцовыя і станавыя асаблівасьці мысьленьня аўтара ― у наставе раскрываецца сьветагляд пасьпяховых амерыканцаў зь сярэдняга класу, ― шмат якія думкі з гэтага тэксту будуць карыснымі для любога беларускага чытача.

Віджай Празак. Кансэрватызм: першая настава



 Прадмова
Выкладчык Рэндальф Паўш стаў шырока вядомым (у ЗША ― зацем пер.) пасьля сваёй «апошняй наставы», лекцыі, прачытанай ім незадоўга да сьмерці. У сваім тэксьце ён навучае ўсім рэчам, якія зразумеў за жыцьцё. У творы, што прапануецца вашай увазе, я паспрабую ўжыць у некаторым змысьле адваротны падыход і дам вам «першую наставу» ― пра ўсё важнае, што я зразумеў з прыходам у сьвядомасьць.

 Пад прыходам у сьвядомасьць я маю на ўвазе тое імгненьне ў разьвіцьці розуму, калі я стаў здольны расчытваць гэты сьвет. Расчытваць, бо ніводнае слова ня значыць таго, што яно на першы пагляд мусіла б значыць, за кожным парканам тут хаваюцца таемныя змыслы і прычыны. Пасьля гадоў сьвядомасьці я нарэшце адкрыў сапраўдную самасьвядомасьць, а тады, пераўзышоўшы яе, ― сьветасьвядомасьць.

 На гэтай дарозе можна было б пераскочыць шмат якія прыступкі і прадухіліць шмат якія затрымкі, калі б меўся нейкі грамадзкі парадак, які перадаў бы мне веды былых пакаленьняў. Але ў грамадзтве, што апанавана звадкамі і ня мае выразных культурных уставаў, зварот да кагосьці па тлумачэньне каштоўнасьцяў застаецца ў найлепшым разе без адказу. Вось я і прапаную табе, чытач, першую наставу, якая дапаможа ў выпадку, калі ты прачнуўся, адчуў сябе жывым і пачаў разважаць пра рэчаіснасьць і пра тое, як зь ёй абыходзіцца.
 

 § 1. Жыцьцё вымагае прыстасаваньня

 Найхутчэйшы шлях знайсьці ў жыцьці шчасьце ― высьветліць праўдзівы стан рэчаў. Ты ня бог і не машына, але адушаўлёнае стварэньне, якому трэба выжываць. Таму ты мусіш зразумець, што твая першая задача ― адаптацыя, прыстасаваньне да рэчаіснасьці. Усьвядоміўшы гэтую задачу, ты можаш засяродзіцца на ёй, адкінуўшы ўсё лішняе.

 Жыцьцё з гэтага гледзішча не зьмянялася з часоў першага чалавека і ня зьменіцца ніколі.
 Важна патлумачыць, што маецца на ўвазе пад словам «прыстасаваньне». Гэта ня значыць быць бесхрыбетным. Гэта значыць весьці справы з улікам рэчаіснасьці. Ты можаш пры жаданьні высечы і выкарчаваць частку лесу, зрабіць роўнае поле і наладзіць на ім гаспадарку, але табе давядзецца сеяць у правільны, адпаведны час ― то бок, прыстасоўвацца да ўмоў, ― інакш ніякага ўраджаю ня будзе. Што да жыцьця ў грамадзтве, то, напрыклад, часам ты пераходзіш з адной працы на другую ― лепшую, зьмяняеш месца жыхарства, каб ня жыць побач зь ёлупнямі, або робіш нешта ў дачыненьні да людзей, якія чыняць бязглуздыя рэчы.

 З усім гэтым ты сутыкнесься. Каб разумець, як дзейнічаць, трэба вылучаць рэчы, якія ты зьмяніць ня можаш, і рэчы, якія ты зьмяніць можаш. Ты, напрыклад, ня можаш зьмяніць чаргаваньне пораў году; але ты можаш сеяць у сваім полі іншую культуру або іншы сорт; можаш перагледзець кола сваіх стасункаў, свой звычайны набор пакупаў, спосабы баўленьня свайго вольнага часу. Можа здацца, што гэта нязначныя захады, але практыка паказвае адваротнае. Больш за тое, паляпшаючы сваё асяродзьдзе, ты прамаўляеш голасам розуму і іншыя будуць браць зь цябе прыклад, бо ім таксама хочацца чагосьці дасягнуць.

 Засвоіўшы гэткую навуку, ты засвоіш і адну выснову зь яе. У жыцьці ты сустракаесься зь дзьвюма разнавіднасьцямі людзей паводле стаўленьня да рэчаіснасьці: тыя, хто прыстасоўваецца да яе, і тыя, хто хоча, каб яна прыстасавалася да іх. Тыя, хто прыстасоўваецца, улічваюць абставіны, ставяць мэты і метадычна да іх ідуць. Тыя, хто не прыстасоўваецца, тыя ўпэўнены, што грамадзтва ім чымсьці абавязана і павінна нешта задарма даваць. Але ж гэтага дармовага ім заўжды не хапае; з часам жыцьцё такіх людзей становіцца ўсё больш неўпарадкаваным, бязладным і яны ўсё больш злуюцца і гаруюць.

 § 2. Жыцьцё ― гэта імкненьне да посьпеху

 Навакольныя могуць колькі заўгодна тлуміць табе галаву мілымі словамі пра ўсеагульную роўнасьць і пра тое, што «ты цудоўны такі, які ёсьць», але насамрэч жыцьцё ёсьць змаганьнем. Тыя, хто праз схільнасць да самападману ― хто чакае, што рэчаіснасьць да іх прыстасуецца, ― ня здатныя да посьпеху, тыя ненавідзяць пасьпяховых. Ня ўсе могуць быць пасьпяховымі, і ня ўсе імі будуць. У некаторай ступені пасьпяховасьць вызначаецца адказам на пытаньне: ці забясьпечаны ты матэрыяльна ўсім патрэбным, ці задаволены жыцьцём і ці займаесься ўлюбёнаю справай?

 Ты ўбачыш, што ўсе незадаволеныя самі загналі сябе ў стан незадаволенасьці. Выклікі жыцьця былі для іх недастаткова захапляльнымі або надта складанымі, таму яны правялі зашмат часу ў патураньні ўласным дрэнным схільнасьцям ― да забаваў, ужываньня шкодных рэчываў, блуду і іншых спосабаў самападману. У выніку яны ніколі нічога не дасягаюць і ім застаецца шукаць, на каго б скінуць віну за іхнія няўдачы. Яны ненавідзяць урад, ненавідзяць прыроду, ненавідзяць грамадзтва, і, калі ты задаволены жыцьцём, яны ненавідзяць цябе.

 Прачытай уважліва: яны ненавідзяць цябе.

 Калі ты лепш матэрыяльна забясьпечаны, больш нутрана задаволены, разумнейшы, лепш выглядаеш, яны будуць спрабаваць зьнішчыць цябе. Доўбні робяць гэта з выкарыстаньнем фізічнай сілы, крыху разумнейшыя ― ствараючы супольнасьці, з дапамогай якіх можна каго-небудзь высьмейваць. Ім здаецца, што за імі сіла, калі яны кажуць: «Але мы ўсе думаем інакш!» ― нібыта гэта можна разглядаць у якасьці доказу. Памятай: ім хочацца, каб рэчаіснасьць прыстасавалася пад іхныя жаданьні.

 Вядома, час пакажа, што яны памыляліся, і пад старасьць яны ўрэшце ўбачаць, што пражылі не такое жыцьцё, як хацелася, і ў нейкай ступені ўцямяць, што вінаватыя ў гэтым самі: яны не арганізавалі свой час і сілы, не ўлічылі ўмоў і не стварылі тое, чаго сапраўды жадалі. У некаторых выпадках самападман замінаў ім бачыць, чаго ж яны хочуць. Іншыя былі ўведзеныя ў зман, далучыўшыся да суполак, утвораных вакол нейкіх памылковых ідэяў.

 …Тымчасам пасьпяховасьць вызначаецца нашымі дзеяньнямі. Хтосьці неарганізаваны і занураны ў забавы стаіць ніжэй за таго, хто сьпярша справіў усе свае справы, а потым змог вылучыць час на забавы. Нас можна падзяліць і паводле нажытага багацьця, але гэта губляе важнасьць для таго, хто мае дастаткова і любіць сваю працу. Можна пастроіць нас і паводле грамадзкай папулярнасьці, як медыйных зорак, але яшчэ не зразумела, ці робіць папулярнасьць сапраўды шчасьлівым.

 Пакуль ты будзеш расьці ― у змысьле дабрабыту, самаарганізаванасьці, дысцыпліны, уменьняў, грамадзкай вагі ― ты будзеш заўважаць, як тыя, хто ня змог дасягнуць падобнага, ненавідзяць цябе і намагаюцца цябе падарваць. Збольшага яны робяць гэта праз пасіўны сабатаж: «Ня можа быць, каб табе падабалася твая новая праца, ты ж працуеш увесь час!» ― і спрабуюць спакусіць цябе на бязглуздыя непатрэбныя дзеяньні, якіх прагнуць самі.

 Пад покрывам іхніх зьнешне прыязных паводзінаў хаваецца адзіная мэта. Яны зайздросьцяць і злуюцца, бачачы чужыя дасягненьні, для іх саміх немагчымыя; ня могуць прызнаць, што немагчымасьць дасягненьняў спрычынена ўласнай неарганізаванасьцю; і хочуць зьнішчыць усіх хоць колькі пасьпяховых, каб уласная нікчэмнасьць ня так рэзала ім вочы. Гэтае памкненьне суправаджае амаль усе чалавечыя звады.

 § 3. Шчасьце магчымае толькі на ўзроўні, вышэйшым за «я»

 Магчыма, найбольшыя пярэчаньні выкліча думка пра тое, што шчасьця можна дасягнуць толькі пераўзышоўшы ўзровень уласнай асобы. Неарганізаваныя скажуць табе, што шчасьце ёсьць, калі ты маеш жаданыя цацкі, рэчывы для кайфу і грамадзкі статус; арганізаваныя скажуць, што шчасьце ў тым, каб знайсьці сваё месца ў жыцьці. «Месца» азначае наяўнасьць добрай працы, сям’і, сяброў, абстрактных цэляў і супольнасьці.
 Добрая праца ― гэта проста: вызнач, што такога ты любіш рабіць, што прыгэтым было б каштоўным для іншых. Як што ты будзеш рабіць гэтую працу з задавальненьнем, то будзе расьці тваё ўменьне і, адпаведна, узнагароджаньне.

 Размова пра сям’ю пойдзе ў адным з наступных параграфаў.

Сябры ― гэта тыя, хто хоча, каб ты дасягнуў посьпеху, бо яны ўпэўненыя, што таксама яго дасягнуць. Гэта твае прыяцелі і роўня табе ў найстарэйшым змысьле слова: яны падобныя да цябе розумам, целам і характарам. Сябры ніколі не падрываюць цябе. Яны і не для таго, каб рабіць за цябе штосьці, чаго ты ня можаш сам, але, як са сваёй роўняй, ты можаш абменьвацца зь імі жыцьцёвымі ведамі і па-добраму спаборнічаць ― гэта дапаможа і табе, і ім удасканальвацца.

 Абстрактныя цэлі: сюды можна аднесьці, напрыклад, стварэньне музыкі, пісьмовых твораў, тэхналогіяў і іншых рэчаў, якія патрабуюць тонкага разуменьня і адчуваньня і не абавязкова ёсьць матэрыяльнымі. Гэта вобласьці, у якіх ты імкнесься пераўзысьці самога сябе, каб стварыць штосьці вялікае, і не разьлічваеш на ўзнагароджаньне і прызнаньне пры жыцьці. Гэта падарункі ўсяму чалавецтву, у якіх ты перадаеш яму свой досьвед і здабытую табой мудрасьць.

 Супольнасьць. Шмат хто з навакольных можа быць табе непрыемным. Супольнасьць складаецца зь людзей і зьяўляецца звышістотай. Людзі, зь якімі ты супрацоўнічаеш у грамадзкіх справах, людзі, якія табе падабаюцца, і зрэз цывілізацыі, адпаведны тваёй мясцовасьці, ― з гэтага складаецца твая супольнасьць. Дзейнасьць па яе разьвіцьці ўлучае, напрыклад, удасканаленьне працы грамадзкіх установаў, укараненьне ведаў, пашырэньне магчымасьцяў хуткага перасоўваньня людзей у патрэбныя ім месцы.

 Хто спрабуе жыць толькі для сябе, той звужае набор сваіх цэляў да забаваў і выгодаў. Па дасягненьні гэтага няма куды йсьці далей. Чалавек касьнее. Горш за тое, ён становіцца замкнёным ва ўласнай асобе, бо іншым няма да яго справы, а тое, што ён робіць, не нясе якой-кольвек працяглай у часе значнасьці ні для кога. Калі ж ты пераадольваеш боязь памыліцца, выглядаць недарэчна і быць непапулярным сярод навакольных і робіш высілкі дзеля станоўчых зьменаў у сьвеце, ты атрымліваеш добрую нагоду для самапавагі. Апошняя будзе расьці разам са зьяўленьнем вынікаў тваіх намаганьняў. Ты ўжо ня проста нязначны атам. У цябе ёсьць роля, сваё месца, і ты дапамагаеш тым, хто табе даспадобы, атрымліваць больш радасьці ад жыцьця.

 § 4. Не зважай на іншых людзей і іхнія ідэі

 Магчыма, тут лепей ужыць двукосьсі: не зважай на іншых людзей і іхнія «ідэі». Сапраўдныя мысьляры бачаць нейкую нявырашаную задачу, прадумваюць спосаб яе вырашэньня, правяраюць яго ў дзеяньні і ўжо потым распавядаюць пра яго навакольным. Сучасныя жа павярхоўныя людзі спрабуюць знайсьці апраўданьні для сваіх дзеяньняў або тлумачэньні сваіх няўдач. Думка сапраўдных мысьляроў як бы працуе наперад; «думка» павярхоўных людзей працуе ў кірунку назад, намагаючыся выдумаць для іхных дзеяньняў тлумачэньне, якое зусім не адпавядае іхным першапачатковым пабуджэньням да гэтых дзеяньняў.

 Тыя павярхоўныя сучасныя людзі ― якія ня могуць ні за што адказваць, ня могуць сябе арганізаваць і вінавацяць у сваіх няўдачах цябе ― якраз і ёсьць носьбітамі такіх думак-самаапраўданьняў. Яны думаюць не ў кірунку вырашэньня, зваяваньня нейкай задачы, але абаронча, нібы спрабуючы з дапамогай нейкай фантастычнай логікі выставіць свае ўжо зробленыя няправільныя рашэньні за правільныя. Прамаўляючы свае «ідэі», яны часта будуць спрабаваць схіліць цябе да думак, што ты робіш нешта дрэннае і што ты не павінен ісьці супраць іншых.

 Гэтыя людзі могуць аказваць на цябе такое ж моцнае маніпуляцыйнае ўзьдзеяньне, як і сьпецпадразьдзяленьні з кулямётамі або якісьці яскравы і загадкавы, але пагрозьлівы сымбаль. Яны хамы. Іхняя задача ― прынізіць цябе, падарваць тваю пэўнасьць, змусіць цябе адчуваць, што ты ім нешта абавязаны або павінен прыслухоўвацца да іхніх думак замест сваіх.
 Калі ты сумняесься ў маіх словах, параўнай іхнія думкі з тым багацьцем мудрасьці, якое захоўваецца праз стагодзьдзі. Ты хутка ўбачыш, што яны зусім няслушныя і нягодныя. Людзі, што ня любяць жыцьця, звычайна займаюцца дэканструкцыяй ― разьбіраньнем і разбурэньнем ― і, каб добра выглядаць у вачах іншых, карыстаюцца ліберальнай філасофіяй. Лібералізм любіць дэканструкцыю, бо выніковы хаос дазваляе ўцякаць ад адказнасьці ў натоўп.

 На працягу жыцьця людзі будуць пытаць у цябе пра твае мэты і погляды, а пасьля гэтага некаторыя з дапамогай сваіх «ідэй» будуць нападаць на цябе, жадаючы выбіць з-пад цябе апірышча. Часам ты можаш падумаць, што трэба быць уважлівым да поглядаў навакольных, хаця б проста каб бачыць сьвет з «розных гледзішчаў». Навошта гэта, калі ты маеш дасяг да працаў усіх класікаў філасофіі, мастацкай літаратуры, палітычнай і эканамічнай думкі? Замест таго каб круціцца ў штучным коле сацыяльнай рэальнасьці, разгарні кнігу і набярыся ведаў ад сапраўдных знаўцаў.

 § 5. Тваё разьвіцьцё = самадысцыпліна x спадчыннасьць

 Прадметам ці не найстражэйшага табу сучаснага грамадзтва зьяўляецца прамаўленьне таго, што якасьці чалавека, падабаецца яму гэта ці не, у значнай ступені закладзеныя ў ягоных генах. Тым ня менш, для дасягненьня посьпеху адной добрай спадчыннасьці недастаткова. І посьпеху ўсё яшчэ не дасягнеш, калі дадасі «старанную працу», ― гэтак некаторыя называюць упартае і бясплоднае сядзеньне на працоўным месцы па 14 гадзін на дзень, летуценна думаючы, што яно дае магчымасьць ёлупню ўзьняцца над прыроджаным геніем. Табе патрэбная самадысцыпліна. Што азначае арганізаванасьць, сістэматычнасьць, стараннасьць ды пільнасьць.

 Стосы паперы ды гады чалавека-гадзінаў былі змарнаваныя ў спробах запярэчыць відавочнай ісьціне: разумовыя здольнасьці закладзеныя ў чалавеку ад нараджэньня. Кожнаму дадзены нейкі свой узровень; і хаця ты можаш дасканаліць розум праз навучаньне і стараннасьць, ты ня скокнеш вышэй за сваю столь. Гэта як з мастацкімі здольнасьцямі. Хтосьці, хто ад прыроды здольны да музыкі, можа і не займацца ёю; калі ж зоймецца, то ўсё адно мусіць працаваць над сабой, каб чагосьці дасягнуць; але ў аднолькавых умовах і пры аднолькавых высілках ён абавязкова будзе апераджаць тых, хто ня мае прыроднага дару.

 Незалежна ад узроўню тваіх прыродных здольнасьцяў табе спатрэбяцца дысцыпліна і арганізаванасьць. З майго досьведу, гэта найпершыя чыньнікі плённасьці тваёй працы. Дакладнае веданьне таго, дзе знаходзяцца твае прылады і неабходныя для працы зьвесткі, падрыхтаванасьць да ўсіх надыходзячых мерапрыемстваў і падзей, здольнасьць працаваць над заданьнямі з апярэджаньнем, каб мець магчымасьць ацаніць час на іх выкананьне, ― усе гэтыя рэчы жыцьцёва неабходныя. Бязь іх нават самародак ні на што ня здатны.
 § 6. Удзельнічай у коле жыцьця

 Многія людзі ня вераць ва ўласную магчымасьць пражыць шчасьлівае жыцьцё. Яны, наадварот, перакананыя, што яны вырачаныя. Гэта псіхалагічна прыемная выдумка, хоць яна і вядзе да непрыемнага выніку; прыемная таму, што здымае з чалавека адказнасьць. «Я пацярпеў няўдачу не ад таго, што быў неарганізаваным, п’яніцам, абжорам, неахайным і няўважлівым; але таму, што я ад пачатку вырачаны, ТАКІ МОЙ ЛЁС!»

 Як і большасьць выпадкаў самаапраўданьня, гэта зводзіцца да простай догмы: вінаваты ня я. Хтосьці паступіў са мной несправядліва. Я нічога дрэннага не рабіў, а мае няўдачы спрычыніў хтосьці іншы. Ты сустрэнеш падобныя апраўданьні ва ўсіх частках грамадзтва, дзе назіраюцца няўдачы і нягоды. Вось табе праверачны вобраз: уяві прапойцу, які хоча працягваць піць. Якія развагі дазволяць яму гэта рабіць, не засмучаючыся наконт сваіх паводзінаў? «Мяне падставілі. Хтосьці ці штосьці прывяло мяне да п’янства.»

 Гэтыя людзі, якія ў сваіх няўдачах вінавацяць само жыцьцё, іншых людзей, урад, абстрактныя рэчы, сімвалы і пачуцьці, будуць спрабаваць пераканаць цябе далучыцца да іхнага няшчасьця. Вядома, яны ня будуць казаць гэта наўпрост… Яны звычайна кажуць, што яны больш асьвечаныя за цябе, больш прагрэсіўныя, свабодныя, мудрыя, клёвыя ці, прынамсі, проста добразычлівыя. Іхняя цэль ― зьнішчыць усе твае прыродныя памкненьні і пахіснуць тваё адчуваньне таго, што жыцьцё не бясконцае і ў ім ёсьць этапы.

 Сёньня, калі большасьць дарослых кажуць пра «розныя этапы жыцьця», яны кажуць гэта самі сабе, але ня моладзі. Я патлумачу: твой вораг ня смерць, а старэньне, лядашчасьць. Пачынаючы з твайго падлеткавага ўзросту, твае жыцьцёвыя сістэмы з кожным годам становяцца ўсё менш гнуткімі. Гэта значыць, што з кожным годам столь тваіх магчымасьцяў зьніжаецца. Таму трэба планаваць наперад.

 Апроч таго трэба не забывацца пра параграф 1: жыцьцё патрабуе прыстасаваньня. Гэта тычыцца і цябе. Таму калі ты верыш у сябе і верыш у жыцьцё, ты захочаш пастаяць на ўсіх прыступках жыцьця. Сьвята захапленьня і цікаўнасьці ў маладосьці; станаўленьне на ногі ў пачатку сталеньня; шлюб і сям’я, працяг роду; нарэшце, адыход ад мітусьні і спакойнае сузіраньне сьвету ў старасьці.

 Свабодныя і прагрэсіўныя скажуць табе, што гэта ўсё бязглузьдзіца і ты можаш вечна заставацца дзіцём. Гэткім чынам яны ў падсалоджаным выглядзе выражаюць сваё непасрэднае жаданьне, а менавіта: далучыся да нас ― да тых, хто ня ўмее планаваць жыцьцё і ня верыць у жыцьцё, ― і твая выніковая няўдаласьць дазволіць нам менш пакутаваць ад таго, што мы няўдачнікі. Бо ж у каго карова здохла, таму стане куды весялей, калі карова здохне і ў суседа.

 Яны будуць расьпісваць табе жахі пра адказнасьць. Пра тое, што сям’я ― гэта праца, што ты ня зможаш павесяліцца, што сур’ёзнае стаўленьне да прафесійных абавязкаў ― гэта глупства. Ім бы хацелася, каб ты займаўся чымсьці нязначным, напрыклад граў у рок-гурце, замест таго каб рабіць сапраўдныя зьдзяйсьненьні накшталт напісаньня сімфоній або аповесьцяў. Ім бы хацелася, каб ты пажыцьцёва падзяліў зь імі іхнія пасады разносчыкаў ежы і газет і граньне ў бязглуздых indie-гуртах, замест таго каб дасягнуць нейкіх вышынь.

 Але калі паглядзець на іх, то яны самі безупынку наракаюць на працу, бо ўвесь час працуюць. Бо ж іхныя абавязкі і патрэбы нікуды не зьнікаюць. І калі крыжовы паход іхняй маладосьці завяршаецца, яны прачынаюцца ў 40-гадовым узросьце, ня маючы за душой нічога. Ніякіх сапраўдных дасягненьняў (падлеткавыя рок-гурты ня ў лік.) Ні сям’і. Ні добрай працы. А для баўленьня вольнага часу няма іншых спосабаў, акрамя як зноў і зноў «узяць паўтарашку і пайсьці пасядзець з пацанамі». Што гэта за жыцьцё?

 

 § 7. Не ўжывай рэчываў, і ты ня будзеш жыць у брудзе

 Тут я мушу павініцца. У свой час я з задавальненьнем і ў вялікіх колькасьцях піў алкаголь і курыў траўку. Нават магу сказаць, як найлепш «адляцець»: выпіць чатыры кубкі вады, потым два кубкі моцнай кавы, потым пакурыць моцных індыйскіх канопляў-сінсеміла з 15-адсоткавым дамешкам тытуню, потым залпам выпіць шклянку віскі. Але гэтыя «адлёты» не даюць ніякай навукі па-за першым досьведам, а надалей ператвараюцца ў сродак уніканьня самога жыцьця.

 Усе рэчывы, што зьмяняюць стан сьвядомасьці, выклікаюць вельмі моцныя прыемныя перажываньні; гэта нібы выплеск нейкай сілы з тагасьвету. І ў гэтых перажываньняў ёсьць падступны цёмны бок: у параўнаньні са станам кайфу звычайнае жыцьцё пачынае здавацца пустым, непаўнавартасным. Адпаведна, моцныя «адлёты» ў выніку выклікаюць нянавісьць да жыцьця ― вядома, калі няма магчымасьці кайфаваць зноў і зноў. І пакуль ты сядзіш і кайфуеш, ты губляеш іншыя свае магчымасьці і сродкі ― найперш час ― і выпадаеш з жыцьця.

 Калі хочаш жыць добра, не ўжывай (збольшага) ніякіх шкодных рэчываў, трымай сябе і сваю хату ў чысьціні і трымай у парадку ўсё, што маеш. Тады ты ніколі ня станеш ненавідзець жыцьцё. Магчыма, твае клёвыя свабодныя прагрэсіўныя знаёмыя думаюць, што жыць на ўскрайку якогасьці гета і эксьперыментаваць зь гераінам ― гэта «іранічна» і цікава; але гэта проста частка іхняй справы ў саманагаворы пра ўласную вырачанасьць і ў вынаходжаньні прычынаў ненавідзець жыцьцё.

 Жыцьцё ў брудзе можа здавацца нейкай формай паўстаньня, пакуль добра не абдумаеш гэта. Дурныя людзі будуць спрабаваць пераканаць цябе, што ва ўсім вінаватыя ўрад, улада, грамадзкі лад і што адзіна магчымае сапраўднае жыцьцё ― гэта «супраціў», які палягае ў жабрацкім існаваньні і ўсялякай недарэчнай, пустой дзейнасьці. Але гэткім чынам чалавек змагаецца адно з уласным магчымым шчасьцем, проста шукаючы самаапраўданьня.

 § 8. Нават найдрабнейшае дзеяньне важыць больш за бясконцую балбатню

 На жыцьцёвым шляху ты сутыкнесься з мноствам людзей, якія прыгожа гавораць. Гавораць шмат, гавораць так, нібы яны важныя, і гэта дазваляе ім адчуваць сябе важнымі. У тым і іхняя цэль, калі паназіраць. Яны ня робяць нічога карыснага ― калі наогул нешта робяць. Яны размаўляюць. Увесь час. Гэтак яны ствараюць уражаньне, што зьяўляюцца носьбітамі вялікіх ідэй (гл. § 4), а ты, адпаведна, мусіш адчуваць сябе дробным побач зь імі.

 Разважайма так: калі б іхнія ідэі былі нагэтулькі важнымі, варта было б зьвесьці іх у кнігу, а таксама прыкладаць усе намаганьні, каб стварыць на аснове гэтых ідэяў палітычны рух. Але адбываецца наадварот: балбатуны адразу гавораць з такім выглядам, нібы ў іх ужо ёсьць цэлы свой рух, чыімі важнымі ідэямі яны сыплюць. Гэта яшчэ адна частка гульні ва ўдаваньне. Вось убачыце: празь дзесяць гадоў яны перакінуцца на штосьці іншае, што будзе цешыць іхнае «я».

 Паўсюдная чалавечая хвароба ― непрыняцьце. Нізкая ўпэўненасьць ў сабе, боязь будучыні і сьмерці, азлобленасьць, боязь недахопу ўлады над навакольлем, помсьлівая крыўдлівасьць, боязь быць незаўважаным, схільнасьць засмучацца і складаць рукі, боязь непадуладнасьці самому сабе. На кароткі час гэта ўсё можна прыцішыць, займаючыся балбатнёй, якая стварае ўражаньне, што ты новы Мартын Лютэр Кінг або Ленін, новы Гітлер або Буддга. Людзі любяць прыкідвацца, але якая цэль?

 Адказ таўталагічны: цэль у тым, каб выглядаць так, нібыта ў іх ёсьць цэль ― і ад таго яны нібыта мудрэйшыя, больш кемлівыя, сьмелыя і альтруістычныя за цябе. Гэта проста бясконцае нагнятаньне штучных уражаньняў і, урэшце, спроба адабраць у цябе тое, што ты стварыў. Адабраць на падставе іхняй уяўнай «разумнасьці», бо ў іх жа ёсьць «вялікія» ідэі і цэлі. Не зважай на такіх людзей.

 § 9. Натуральны адбор ніхто не адмяняў

 Сёньня вялікую папулярнасьць маюць «узнагароды Дарвіна», якія прызначаюцца ўсялякім небаракам за дурныя спосабы згубы ― напрыклад, калі хтосьці заедзе на сваёй машыне ў драбілку адходаў піламатэрыялаў. Аднак сапраўдны натуральны адбор менш кідаецца ў вочы. Ты б’еш сваіх дзяцей? Ты дрэнна абыходзісься з жонкай? Ты жывеш неахайна і дрэнна харчуесься? Гэта моцна ўплывае на здольнасьць выжываць тваю і тваіх нашчадкаў.

 Чаму дзеці ― гэта важна? Ты ня вечны. Існуе статыстычная крывая сьмяротнасьці, у адпаведнасьці зь якой, пачынаючы з твайго юнацтва, з кожным годам застаецца ўсё менш людзей аднаго з табой узросту. Ты ня можаш яе перасіліць; у нейкай кропцы, прыкладна на 120 гадах пасьля твайго нараджэньня, крывая сьмяротнасьці завяршаецца. Што жыве надалей? Твае добрыя ўчынкі; магчыма, твае ідэі; але адназначна ― твае нашчадкі, калі ты падыдзеш да іх выхаваньня хаця б напалову правільна.

 Нараджэньне дзяцей ― гэта ня ўся справа. Гэта толькі ейны пачатак. Калі ты выхаваеш упэўненых у сабе, жыцьцярадасных, сьмелых і сумленных дзяцей, а таксама ня будзеш забываць казаць ім рэчы накшталт гэтай першай наставы, у іх таксама будуць добрыя дзеці, у якіх працягнецца і тваё жыцьцё. Але калі ты гвалтуеш сваіх дзяцей, б’еш іх, не даеш ім увагі, падрываеш іхнюю самаацэнку або забываеш тлумачыць ім заканамернасьці жыцьця… можна з тым жа посьпехам проста шпульнуць іх у драбілку адходаў.

 § 10. Большасьць людзей не зьвяртае ўвагі на рэчаіснасьць
 Амаль кожны чалавек пагодзіцца, што большасьць астатніх людзей ― дурні, ідыёты або вар’яты. Больш шчырым будзе прызнаць, што ўсе мы абмежаваныя ў здольнасьцях і, калі няма ад каго ўзяць знаньне, заснаванае на досьведзе, мы кідаемся туды-сюды ў бясплённай дзейнасьці. Памітусіўшыся некаторы час, мы здаёмся і пачынаем кампенсацыю, то бок робім рэчы, якія даюць нам уражаньне шчасьця ― аблуднае, бо мы цалкам адкідаем навакольны сьвет.

 У гэтую пятлю зваротнай сувязі трапляе большасьць: бязладная дзейнасьць ― дрэнныя вынікі ― «невялічкая кампенсацыя» ў выглядзе празьмерных забаваў ― нарэшце, нізкая самаацэнка праз ўсьведамленьне неўпарадкаванасьці і марнасьці ўласнага жыцьця. Ня ўсе гэтыя людзі разумова адсталыя, ня ўсе яны вар’яты; тым ня менш, усе яны, за выняткам невялікай групы, паводзяць сябе як разумова адсталыя вар’яты, бо яны ні ад кога не даведаліся фактаў, не прачыталі добрых кніжак і проста здаліся.
 Улічваючы гэта, ты можаш спыніць спробы спаборнічаць зь імі або падабацца ім празь дзейнасьць, падобную да іхняй. Усім ім моцна не стае ўказаньня кірунку. Адзіны спосаб ім яго даць ― самому жыць разумна і ні на кога не азірацца. То бок, не зьвяртаць увагі на 99% чалавечай дзейнасьці, адкідаць «ідэі» навакольных, не ўспрымаць сур’ёзна іхнія трывогі і патрабаваньні і рабіць тое, што ўважаеш за правільнае.

 Для іх камфорт і забыцьцё каштоўнейшыя за веданьне пра неабходнасьць прыстасаваньня да рэчаіснасьці, бо яны ня вераць, што здольныя прыстасавацца. Не зрабіўшы ніводнай спробы, яны лічаць гульню прайгранай, а сябе вырачанымі. Бо лягчэй вінаваціць у няўдачах зьнешнюю сілу, чым напружвацца і станавіцца арганізаваным, адукаваным і скіраваным на плённую стваральную дзейнасьць. Яны хутчэй выйдуць з бою і пачнуць шукаць апраўданьні.

 На працягу жыцьця ты будзеш акружаны такімі людзьмі. Яны будуць займацца дурной, марнай, безвыніковай, неахайнай, неськіраванай ― карацей, толькі шкоднай ― дзейнасьцю і ў той жа час вылупляць на цябе вочы, нібыта ідыёт ― гэта ты. Ім проста хочацца спусьціць цябе да іхнага ўзроўню. Суседская карова ж таксама мусіць здохнуць! Калі ты заўважыш ім, што яны робяць нешта дурное, яны абернуцца і люта накінуцца на цябе. Бо яны ня здатныя мысьліць далей за ўласную асобу і таму, адпаведна, ня могуць улічваць наступстваў сваіх дзеяньняў для навакольля і ўспрымаюць любую заўвагу пра гэтыя магчымыя наступствы як незаслужаны напад на іх.

 § 11. Сьцеражыся хлусьлівага альтруізму

 Філосафы любяць спрачацца наконт існаваньня альтруізму як такога. Кажуць, у людзей няма іншай матывацыі, акрамя асабістай зацікаўленасьці. Я кажу, што альтруізм ― гэта адгалінаваньне асабістай зацікаўленасьці, бо калі нам падабаецца жыць, то мы хочам, каб сьвет надалей паляпшаўся, а таму працуем на ўдасканаленьне нашай супольнасьці. Вось табе адна разнавіднасьць альтруізму. Але ёсьць іншая, хлусьлівая разнавіднасьць.

 Спаборны альтруізм ― гэта калі хтосьці спаборнічае за грамадзкі статус, чынячы міленькую з выгляду дапамогу тым, хто сам сабе дапамагчы ня можа. Спаборны альтруізм ськіраваны на асобных людзей альбо групы, але не на паляпшэньне грамадзтва як цэлага. Ён ёсьць барацьбой за адшуканьне самых бездапаможных істот у якасьці атрымальніка дапамогі: чым у горшым яны становішчы, тым большым героем ты выглядаеш, дапамагаючы ім.

 Для спаборнага альтруізму ў нас ёсьць лепшая назва: торг. У ім мэтай зьяўляецца не дапамога камусьці. Мэта ― стварыць для навакольных бачнасьць, што ты дапамагаеш. Гэта спосаб самарэкламы. Людзі спаборнічаюць у альтруізьме, намагаючыся выглядаць найвялікшым ісусам хрыстом, самым добразычлівым ― такім мілым чалавекам, зь якім усе захочуць знацца. Але ж калі чалавек сапраўды настолькі добры, няўжо яму патрэбен гэты розгалас?

 Паколькі большасьць людзей ня могуць разумець прычынна-выніковых сувязяў (кожны вынік ідзе ад адзінай прычыны; кожная прычына можа весьці да некалькіх вынікаў), яны ня кемяць, што спаборны альтруізм прызначаны для рэкламы альтруіста ў вачах іншых. Удзельнічаць у талацэ, за проста так аддаючы свой час на карысную для іншых справу ― гэта не ягоны шлях. Ягоны шлях ― перад тэлекамерай дараваць цацкі якім-небудзь пагарэлым, абяздоленым, Богам праклятым сіротам-інвалідам і мімаходзь згадваць пра ўласную мэблевую фабрыку. Рэклама мэблі ― гэта мэта, а альтруізм ― толькі сродак, падобны да выдачы бясплатных цукерак дзецям на ўваходзе ў краму.

 Некаторыя людзі будуць з дапамогай спаборнага альтруізму спрабаваць выглядаць вышэйшымі за цябе. Яны ведаюць, што натоўп недалёкіх, апісаных у § 10, можна ўвесьці ў зман. У зьбітых з панталыку, засмучоных, неарганізаваных людзей няма іншага спосаба парадавацца жыцьцю, акрамя як праз дробныя падаруначкі самім сабе: скурыць яшчэ адзін касяк, паглядзець тэлевізар, можа быць, трошкі порна, купіць сабе якога барахла і г. д. І яны любяць назіраць альтруізм і шкадаваць няшчасных, бо гэтак могуць адчуць сябе ― на кароткі час ― жывымі.

 Вядомы толькі адзін спосаб абароны ад спаборнага альтруізму: зьвяртаць увагу людзей на тое, што табе ён не патрэбны. «Мне ня трэба паказваць астатнім, што я добры чалавек, таму любая мая дабрачыннасьць непублічная,» ― гэтак ты ня будзеш дурыць людзям галаву і ў той жа час можаш добра контратакаваць, ― «Навошта ты ўсім паказваеш сваю дабрачыннасьць?» Потым можна мімаходзь нагадваць тым з прысутных, у каго працуе галава, што альтруізм ― гэта торг, а альтруіст проста прасоўвае сябе або свой тавар.

 § 12. Жыві дзеля станоўчых цэляў

 Нігілісты (аўтар тэксту у пэўным змысьле прылічае сябе да нігілістаў ― зацем пер.) ставяцца да большасьці людзей як да пунджы. Кол-пунджы ― гэта паскудная старажытная прылада вайны (з паўднёва-ўсходняй Азіі ― зацем пер.); яна ўяўляе сабой востры бамбукавы шып, вымазаны ў нечыстоты. Такія шыпы ў вялікай колькасьці прыхавана разьмяшчаюцца недзе на меркаваным шляху ворага. Калі той ня будзе асьцярожным, то парэжацца або наколецца на іх і можа памерці ад пакутнай хваробы. Так ці інакш, ён будзе абязьдзеяны, прынамсі, на некаторы час.

 Гэтак жа чыняць перашкоды і сярэднія людзі. Яны ненавідзяць сваю працу, якую яны «вымушаныя» рабіць; ненавідзяць сваё жыцьцё ― у няўдаласьці якога штораз вінаваты, само сабой, хтосьці зьнешні. Яны хочуць зьнішчыць любога, хто мае больш за іх. Таксама яны хочуць выглядаць значнымі, ня робячы нічога значнага. Але хоць пазбаўленьне ад такіх людзей урэшце стане патрэбаю для далейшага разьвіцьця чалавецтва, агулам табе патрэбная станоўчая цэль.

 Ня вельмі проста даць азначэньне станоўчай цэлі. Можна казаць пра штосьці «канструктыўнае», «стваральнае», «сьцвярджальнае», але сутнасьць маёй думкі наступная: ты мусіш мець цэль, да якой імкнесься, рэч, за якую выступаеш, замест таго каб вызначаць сябе празь пералік таго, супраць чаго выступаеш. Тыя пунджы, пра якіх сказана вышэй, ― яны ведаюць, супраць чаго яны, заўжды ведаюць, што і каго трэба вінаваціць у бедах, але зусім ня ведаюць, што б яны хацелі бачыць навокал. Ты можаш перамагчы іх, пачаўшы якраз з вызначэньня таго, што ж ты хочаш бачыць.

 Калі паразважаць, то, дзейнічаючы ў кірунку жаданага, ты апынесься ў стане, падобным, напрыклад, да стану больш жыцьцяздольнага віду птушак, які выціскае зь нейкай мясцовасьці слабейшыя віды проста за кошт таго, што чынна займае прастору сваёй вялікай колькасьцю. Ты ж будзеш напаўняць прастору больш дасканалымі рэчамі, больш разумнымі ідэямі, больш выразнымі сімфоніямі ― адным словам, усім тым, што ты будзеш імкнуцца ствараць, а не чаго пазьбягаць або што разбураць.

 У гэтым знойдзецца сапраўдны змысел жыцьця: каб любіць самога сябе, трэба любіць навакольны сьвет, з ахвотай удзельнічаць у ім і ствараць тое, што лічыш прыгожым. Шмат што з гэтага можа быць прыземленым ― напрыклад, смачнейшы, чым у астатніх, вінаград або нават бачкі ў прыбіральні зь лепшым, чым раней, змывам, ― але вялікія рэчы ёсьць нечым танчэйшым. У любым разе табе трэба знайсьці годную для цябе цэль і ўпарта ісьці да яе, ні пад якім уплывам не зьбіваючыся з дарогі.

 З усіх гэтых развагаў можна выснаваць, што азначае быць героем. Герой ― гэта хтосьці, хто зразумеў, у што ён верыць, на гэтым разуменьні склаў бачаньне правільнага, патрэбнага сьвету і стварае гэты сьвет ― за ўсякую цану. Цяперашнія людзі блытаюць героя з ахвярай ― напрыклад, калі чамусьці называюць героямі загінулых пры захопах і крушэньнях самалётаў. Быць героем ня значыць быць пацярпелым ці пакутнікам. Гэта пэўны склад мысьленьня і гатовасьць аддаваць сваё жыцьцё за тое, у што верыш.

 На гэтым узроўні ты робіш жыцьцё «сьвятым», бо праз адданасьць ператвараеш яго ў кшталт рэлігійнага служэньня. Замест таго каб засяроджвацца на адмоўным, ты бачыш, што жыцьцё ўлучае і разбурэньне, і стварэньне, і што гэтае жыцьцё ― твая магчымасьць ствараць прыгажосьць. Ты разумееш, што такая магчымасьць важнейшая за ўсё астатняе. Імкніся да прыгожага і ніколі не здавайся!


 Заключэньне

 Ты нарадзіўся ў час заняпаду. Любая цывілізацыя старэе гэтак жа, як і асобны чалавек, і са старасьцю тлусьцее і касьнее, губляе гнуткасьць і рухавасць. Гэта праяўляецца ў тым, што людзі з-за спецыялізацыі працы і прыманьня маралі натоўпу губляюць разуменьне прычынна-выніковых сувязяў. Яны ставяць сябе дзесьці паміж прычынай і вынікам, па сутнасьці ўяўляючы, што любое нашае дзеяньне ― гэта адвольны выбар выніку ў залежнасьці ад асабістых жаданьняў.

 Такі параноідны, абарончы, рэакцыйны сьветагляд непазьбежна прыводзіць да ліберальнай палітыкі. Асоба хоча, каб ніхто не казаў ёй, што рабіць; як рак-хаванец, яна імкнецца адступіць унутр сябе. Яна давярае толькі самой сабе і іншым асобам, падуладным ёй. Для ейных сьляпых вачэй прырода ― гэта нешта неўпарадкаванае і бязглуздае, і яна ненавідзіць прыроду, асабліва ў частцы, што тычыцца ўласнай сьмерці.

 У імя гэтага страху людзі ўцякаюць ад рэчаіснасьці і прыводзяць усё навокал у бязладзьдзе. Яны выказваюць адно аднаму вар’яцкія ідэі і прымушаюць навакольных пагаджацца зь імі, ператвараючы ўсё чалавецтва ў адно вялікае кружное апраўданьне чалавечага саліпсізму. Грамадзкая папулярнасьць і абмен дасьціпнымі каментарамі ў абмеркаваньнях твораў індустрыі забаў замянілі сабой любое знаньне пра рэчаіснасьць. Як адзін чалавек замыкаецца ва ўласнай асобе, гэтак і цэлае грамадзтва адварочваецца ад сьвету і прысьвячае сябе самаабмеркаваньню.

 Ты можаш спыніць гэтыя хованкі ў сабе. Не адмаўляй сваёй сьмяротнасьці, не адкідай рэчаіснасьць разам зь ёй; прымі і тое, і другое. Ведаючы, што калісьці ты памрэш, жыві не дарэмна. Гэта дапаможа ўбачыць прыгажосьць і важнасьць жыцьця і пазьбегнуць вырачанасьці і смутку, якімі поўнае сучаснае грамадзтва. Замест таго каб спрабаваць паўмерамі здымаць боль і пакуты, не зважай на іх і імчыся наперад да прыгожага і значнага.

 Нарадзіўшыся ў нашыя часы, ты зь першага ж дня акружаны атрутнай хлусьнёй. Не, ніхто не зьбіраецца наўпрост маніць табе; ты чуеш напаўпраўдзівыя рэчы, якія гучаць больш прымальна за адкрыты падман і прызначаныя для апраўданьня саўдзелу дарослых у хлусьні. Моладзь жа ва ўсёй напаўпраўдзе ясна бачыць невырашальныя супярэчнасьці і спробы паставіць аблудныя ўяўленьні вышэй за саму рэчаіснасьць.

 Нягледзячы на ўсё гэта, ня трэба адчайвацца. Насамрэч, можна нават радавацца: увесь гэты хаос пакрысе адсейвае дурных і хлусьлівых праз тое, што змушае разумных аддзяляцца ад статку. Калі ты будзеш вучыцца ― пачынаючы ўжо з гэтай наставы, ― ты зможаш бачыць жыцьцё ў прычынна-выніковых сувязях і вызвалісься ад «мысьленьня» натоўпу. І пасьля распаду грамадзтва менавіта такія, як ты, зьдзейсьняць адраджэньне.
 2-га ліпеня 2009 г.


З ангельскай мовы пераклаў Барыс Шчука паводле Vijay Prozak «The First Lecture», amerika.org, 2009 (http://www.amerika.org/social-reality/the-first-lecture).
Пераклад правілі Сяргей Лісіца і Ігар Кулікоў.