Воля да жыцця. Уводзіны
Воля да жыцьця: дапаможнік па усьвядомленным здароўі
1. Гісторыя здароўя
2. Хваробы ладу жыцьця
3. Прынцыпы здароўя
4. Харчаваньне
5. Рух
6. Сон, біярытмы і сынхранізацыя
7. Стрэсаўстойлівасьць
8. Усьвядомленасьць
9. Сацыяльны статус
10. Сацыяльнае атачэньне
11. Шкоднае асяродзьдзе
12. Карыснае асяродзьдзе
13. Лічбавае асяродзьдзе
14. Здаровыя звычкі
Уступ
У 2014 годзе, працуючы выкладчыкам у мэдыцынскім унівэрсітэце, я пачаў весьці шэраг адукацыйных курсаў, датычных розных аспэктаў здароўя – ад харчаваньня да стрэсу. Людзі стаміліся ад мноства неправераных і сумнеўных мэтодыкаў аздараўленьня, таму з задавальненьнем прыходзілі вучыцца быць здаровымі з дапамогай навукі. Паступова гэтыя курсы вырасьлі ў маю Школу здароўя, якую прайшлі ўжо тысячы людзей: мы разабралі сотні практыкаў, тысячы прыватных выпадкаў. Назапашаныя за гэтыя гады досьвед і веды я й падаю ў сваёй кнізе. Гэты дапаможнік – плён працы нашай здаровай супольнасьці, які месьціць як навуковыя веды, так і практычныя падыходы да выкарыстаньня ў паўсядзённым жыцьці.
Мы ўсе ведаем, што карысна, а што шкодна. Але чаму тады мы рэгулярна робім нешта разбуральнае для сябе? Навукоўцы й філёзафы мінулых гадоў казалі пра інстынкт да жыцьця ды інстынкт да сьмерці – іх балянс і вызначае траекторыю нашага лёсу. Кожны з нас мае волю (прагу) да жыцьця, жаданьне быць мацнейшым і здаравейшым.
Ляўрэат Нобэлеўскай прэміі, навуковец Ільля Мечнікаў выкарыстоўваў тэрмін «інстынкт жыцьця», яго ўжываў і фізыёляг Іван Паўлаў: «Усё жыцьцё ёсьць зьдзяйсьненьне адной мэты, а менавіта ахоўваньня самога жыцьця, нястомная праца таго, што завецца агульным інстынктам жыцьця. Гэты агульны інстынкт, ці рэфлекс жыцьця, складаецца з масы асобных рэфлексаў. Большую частку гэтых рэфлексаў уяўляюць сабой станоўча-рухальныя рэфлексы, г.зн. рух да спрыяльных для жыцьця ўмоваў, рэфлексы, якія маюць на мэце захапіць, засвоіць гэтыя ўмовы для дадзенага арганізму».
Кожны з нас на ўзроўні інстынктаў імкнецца выжыць. Наша цела хоча быць здаровым, нашы цягліцы хочуць быць моцнымі, наш розум прагне быць вострым – і гэта цалкам натуральныя памкненьні. Страта ж волі да жыцьця, сэнсу і мэты аслабляе нас. Я хачу, каб гэтая кніга абудзіла ў вас прагу, волю да жыцьця, да здароўя на самым глыбінным узроўні. Няхай інстынкт жыцьця дапаможа вам ня толькі займець аптымальнае здароўе, але й рэалізаваць свой патэнцыял як асобы, дамагчыся сваіх мэтаў, стаць больш моцнымі і цягавітымі як фізычна, так і разумова.
Здароўе – гэта нашмат больш, чым адсутнасьць хваробаў
З гэтай кнігі вы даведаецеся, як здароўе робіцца падмуркам даўгалецьця, прывабнасьці й шчасьця. Мы разьбяром сем ключавых рэсурсаў здароўя, асяродзьдзе, спосабы вымярэньня і ацэнкі здароўя, практычныя падыходы прымяненьня рэкамэндацый у сваім жыцьці на сыстэмнай аснове. Бо наша здароўе – гэта як хата, дзе нельга абраць, што важнейшае – падлога, сьцены, вокны або дах. Важнае ўсё.
У падзагаловак кнігі я ўнёс словы «самавучэбнік здароўя»[1] . Гэта значыць, што вы самі можаце ўкараніць у свой лад жыцьця большасьць карысных звычак. Падумайце: кожны дзень вы ўстаяце, ідзяце на працу, бавіце час з блізкімі і сябрамі, кладзяцеся спаць. Калі кожнае ваша звычайнае дзеяньне зрабіць хоць трохі здаравейшым, гэта прынясе вам вялікую карысьць. Зьмяняючы свае звычкі, вы мяняеце сваё жыцьцё. Многія эфэктыўныя мэтады аздараўленьня практычна не запатрабуюць ад вас прыкметных затратаў часу або сродкаў: толькі пачніце – і вы зразумееце, як гэта проста. Сучасная навука прапануе шмат спосабаў палепшыць сваё здароўе, і мне хочацца, каб вы змаглі скарыстацца гэтымі магчымасьцямі.
Вядома, усе людзі розныя, але тым ня менш існуюць унівэрсальныя правілы здароўя, эфэктыўныя і бясьпечныя. Я абраў іх для кнігі, грунтуючыся на навуковых зьвестках і практыцы выкарыстаньня. У кнізе няма спасылак на самі дасьледаваньні (усе яны ёсьць у маім блогу beloveshkin.com), але я буду рады, калі кожную маю параду вы праверыце самі – і пераканаецеся ў яе дзейснасьці. Вашае здароўе – гэта найвышэйшы прыярытэт: дасьледуйце, сумнявайцеся, тэстуйце і знаходзьце найлепшае для сябе.
У гэтай кнізе вы ня знойдзеце самага галоўнага сакрэту здароўя. Бо што можа быць самым галоўным у летаку? У ім сотні крытычна важных дэталяў, безь якіх ён ня можа ляцець, а наш арганізм нашмат складанейшы за лятак.
Усе здаровыя людзі здаровыя аднолькава, але хварэюць па-рознаму. У гэтай кнізе мы даведаемся пра ключавыя складнікі здароўя і як іх разьвіць у сваім жыцьці. У ёй ня будзе набору дадаткаў з дазоўкамі, у ёй – патэрны, заканамернасьці, якія спрыяюць здароўю. Самыя розныя патэрны, ад харчаваньня да атачэньня, спалучаюцца і ўзмацняюць адзін аднаго.
Зьмяніць свае звычкі можа быць нялёгкай задачай. Калі ня ўсё атрымаецца зрабіць зь першага разу – гэта нармальна. Вучыцеся на сваіх памылках, рабіце высновы, вывучайце сябе. Для гэтага, апроч іншага, важна не губляць пачуцьцё гумару і ўмець пасьмяяцца зь сябе. Калі вы фармуеце сваё бачаньне будучыні, бераце пад кантроль сучаснасьць, то ясна бачыце вашыя сапраўдныя магчымасьці. Спадзяюся, гэтая кніга пасее ў вашым розуме насеньне будучых посьпехаў і здароўя. Вядома, сама па сабе яна ня зьменіць вашае жыцьцё імгненна, але я думаю, што яна можа памяняць кірунак вашага руху.
Прыемнага і плённага чытва!
Падзякі
Асаблівая падзяка жонцы Кацярыне за стварэньне ўмоваў для напісаньня кнігі. Дзякую маці Надзеі Белавешкінай за падтрымку ў час пісьма. Рэдактарка Яна Жукава дапамагла мне разабрацца з рукапісам і зрабіць тэкст і думкі больш яснымі. Дзякую за дапамогу ў стварэньні ілюстрацый дызайнэрцы Галіне Пуларыі ды ілюстратарцы Кацярыне Вельчавай. За каштоўныя парады і заўвагі наконт кнігі ўдзячны Аляксею Маскалёву, Надзеі Крыжаноўскай, Дзьмітрыю Курылу, Мікалаю Белавешкіну, Алене Рыдэль. Таксама дзякуй усім маім настаўнікам, пацыентам, кліентам, чытачам блога, вучням і выпускнікам маёй Школы здароўя за пытаньні, натхненьне, якія і прывялі да стварэньня гэтай кнігі.