Пэрфомэнс Бохана пра расейскі фашызм
Навука нам здаецца далёкай ад творчасьці, але гэта не заўсёды так. Раней многія навуковыя экспэрымэнты былі публічным відовішчам: анатамічныя дасьледаваньні можна было пабачыць у тэатры, купіўшы квіток, а фізычныя досьледы часта праводзіліся на плошчах у прысутнасьці натоўпу. Кожны мог стаць сьведкам навуковага экспэрымэнту на ўласныя вочы, а не проста прачытаць пра яго ў кнізе.
Што да сацыяльных навук, дык старажытнагрэцкія драмы спачатку задумваліся ня толькі як забава, але і як тэрапэўтычная працэдура. Вывучаючы напал жарсьцяў, моцныя і слабыя бакі герояў, гледачы вучыліся пазнаваць гэта ў сабе. Грэкі лічылі катарсіс важным інструмэнтам тэрапіі ("ачышчэньне" або "аднаўленьне", што часта азначае вызваленьне думак і эмоцыяў праз іх выяўленьне).
Сёньня мы бачым, наколькі блізкія сацыяльны экспэрымэнт Філіпа Зімбарда і пэрформансы Марыі Абрамовіч. Экспэрымэнт становіцца пэрформансам, пэрформанс — навуковым досьледам, выяўляючы схаванае ў людзях нечаканым чынам і стымулюючы нас пераасэнсоўваць тое, што мы бачым.
Таму я хачу распавесьці пра пэрформанс беларускага мастака Уладзіслава Бохана, каб лепш зразумець глыбіню яго творчасьці.
Пакуль СМІ сьмяюцца з капялюшыкаў з фальгі, задумка значна глыбейшая. Ідэя пэрформансу — 14 асобных акцыяў, кожная зь якіх ілюструе адзін з 14 прыкметаў фашызму паводле эсэ Ўмбэрта Эка (пункт 7 ніжэй). Кожная акцыя яскрава паказвае праявы побытавага расейскага фашызму (рашызму).
Акцыя «Капялюшыкі з фальгі „Шлем Айчыны“» ілюструе прыкмету фашызму пра «змову ворагаў»: магутны вораг вядзе супраць нас сьмяротную вайну і арганізаваў змову. Капялюшыкі з фальгі служаць абаронай ад нябачных электрамагнітных імпульсаў са спадарожнікаў NATO. Вера ў кансьпіралягічныя тэорыі змоваў зьяўляецца добрым прадказальным паказьнікам: з 2011 году ў РФ частата згадваньняў тэорыяў змоваў і продажу кніг пра іх павялічылася ў 6–9 разоў (!). Сочачы за творчасьцю мастака, вы можаце пабачыць рэалізацыю астатніх пунктаў.
14 прыкметаў, якія характарызуюць фашысцкі стыль мысьленьня і паводзінаў (паводле Ўмбэрта Эка):
1. Культ традыцыі: Прыхільнасьць да мінулага і адмаўленьне мадэрнізму.
2. Адмаўленьне рацыяналізму: Нявер’е ў навуку, культ ірацыянальнага і інтуітыўнага.
3. Культ дзеяньня дзеля дзеяньня: Дзеяньне лічыцца важнейшым за разважаньні і дыскусіі.
4. Непрыняцьце іншадумства: Крытычнае мысьленьне ўспрымаецца як здрада.
5. Страх перад розьніцамі: Няталерантнасьць да разнастайнасьці і імкненьне да ўніфікацыі.
6. Зварот да фрустрацыі масаў: Выкарыстаньне незадавальненьня сацыяльна ўшчэмленых групаў.
7. Заклапочаннасьць канспіралагічнымі змовамі: Вера ў існаваньне таемнага ворага, які дзейнічае супраць грамадзтва.
8. Вораг адначасова моцны і слабы: Супернік паказваецца магутным, але адначасова вартым жалю.
9. Пацыфізм — гэта здрада: Гатоўнасьць да вайны ўзвышаецца над імкненьнем да міру.
10. Пагарда да слабых: Сацыяльны дарвінізм і элітарнасьць.
11. Культ гераізму: Гларыфікацыя гераізму і сьмерці дзеля нацыі.
12. Мачызм: Сэксізм, пагарда да жаночых каштоўнасьцяў і адмаўленьне правоў жанчын. Пагарда да слабых і інвалідаў.
13. Папулізм і антыдэмакратыя: Пагарда да дэмакратычных інстытутаў і ўзвышэньне «волі народу».
14. Навамова: Спрашчэньне мовы і выкарыстаньне прапагандысцкіх лёзунгаў для маніпуляцыі.
14 прыкметаў фашызму паводле Лоўрэнса Брыта (2003):
1. Выразны нацыяналізм: Патрыятызм узводзіцца ў культ, нацыянальныя сымбалі ўсюды.
2. Пагарда да правоў чалавека: Гэта апраўдваецца «патрэбамі бясьпекі» або іншымі мэтамі.
3. Пошук ворагаў для згуртаваньня: Абвінавачваньне пэўных групаў у праблемах грамадзтва.
4. Ваенная перавага: Акцэнт на армію, выдаткі на абарону і мілітарызацыю грамадзтва.
5. Сэксізм: Уціск жанчын, гамафобія, традыцыйныя гендэрныя ролі.
6. Кантроль над СМІ: Маніпуляцыя інфармацыяй, падаўленьне свабоды слова.
7. Навязьлівая заклапочанасьць нацыянальнай бясьпекай: Страх як інструмэнт кантролю.
8. Зьліцьцё рэлігіі і дзяржавы: Выкарыстаньне рэлігійнай рыторыкі для легітымізацыі ўлады.
9. Ахова карпаратыўнай улады: Прывілеі для вялікага бізнэсу, зьліцьцё бізнэсу і дзяржавы.
10. Падаўленьне прафсаюзаў: Абмежаваньне правоў працоўных на аб’яднаньне.
11. Пагарда да інтэлектуалаў і мастацтва: Антыінтэлектуалізм, цэнзура, падаўленьне творчасьці.
12. Заклапочанасьць злачыннасьцю і пакараньнем: Жорсткія законы, строгія пакараньні.
13. Карупцыя і кумоўства: Выкарыстаньне ўлады для ўзбагачэньня эліт.
14. Фальсыфікацыя выбараў: Маніпуляцыя вынікамі, падаўленьне апазыцыі.